Гістарычныя звесткі пра вёскі
Вялікія і Малыя Арлы
Першае дакументальнае ўпамінанне пра вёску Вялікія Арлы адносіцца да 1507г.
У старажытнай кнізе "Рэвизия пушч и переходов звериныхъ въ бывшемъ Великом Княжестве Литовском, съ присовокуплением грамотъ и привилегий на входъ въ пущи и земли", складзенай у 1559 годзе на 348 старонцы ўпамянута даравальная князя Івана Васільевіча ў якой ён перадае зямлю ў Орлех Велікіх да царквы Божай.
Дакумент датаваны 1507 годам, апреля 25.
У гэтай жа кнізе на 345 старонцы ўпамянута грамата Боны — каралевы Польскай, княгіні Літоўскай, Рускай, Прускай, Жамойскай і іных, якая пацвярджае пажалаванне князя Івана Яраславіча Олеше Петровічу на чалавека па імені Наздрыян і зямлю ў Малых Арлех.
Дакумент датаваны 1524 годам, мартам 1.
Аднак ёсць усе падставы гаварыць аб тым, што вёскі Вялікія і Малыя Арлы існавалі і раней. Больш верагодная дата заснавання вёсак — канец XV стагоддзя.
У гэты час землі нашага краю ўваходзілі ў Пінска-Гарадокскае княства. У 1523 г. Вялікі князь Жыгімонт І (1506-1548 гг.) аддаў былое Пінска-Гарадокскае княства ў асабістае ўладанне сваёй жонцы Каралеве Боне. Яна валодала ім да 1551 г. у гэтым годзе Вялікі князь і кароль Жыгімонт ІІ (1548-1572 гг.), сын Боны і Жыгімонта І, пасля смерці сваёй жонкі Барбары дараваў Гарадок з прылеглымі мясцовасцямі, у тым ліку і Арлы, на вечнае карыстанне яе брату Мікалаю Радзівілу Рудаму.
З таго часу каля 400 гадоў велізарная частка зямель Століншчыны належала гэтаму магнацкаму роду. Канец яго ўладання настаў у верасні 1939 г.
Інвентарныя спісы ад 1653 г. сведчаць, што на Століншчыне былі дзве вотчыны Радзівілаў — Гарадокская, у якую ўваходзілі і Арлы і Манькавічская.
У першай было 474 "дымы" з колькасцю насельніцтва 3918 чалавек, у другой — 313 "дымоў" і 735 чалавек.
Амаль палова жыхароў вёсак Вялікія і Малыя Арлы не мела рабочай жывёлы. Паншчына складала 3 дні ў тыдзень. Грашовы аброк складаў 8 з паловай злотых. Акрам гэтых, сяляне выконвалі і іншыя павіннасці на карысць пана.
Наконт паходжання назвы "Арлы" пакуль дакументальных звестак не знойдзена.
Меркаванне аб тым , што вёску заснавалі перасяленцы з г.Арла не вернае, так як сам г.Арол бярэ сваё летазлічэнне з 1566 г., калі там была заснавана крэпасць.
Ёсць думка аб тым, што назва паходзіць ад птушкі арол. Што так сама малаверагодна.
Хутчэй за ўсе назва "Арлы" паходзіць ад слова "араць", "араля"(арэля) — поле, якое ўзорвалі. "Арлы" магло азначаць і ўскраіну лесу.
Але дакладных звестак аб паходжанні назвы няма.